ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя школы, якія ствараліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—14 ст. купецкімі гільдыямі. Выкладанне роднай мовы і арыфметыкі ў іх было пастаўлена значна лепш, чым у царкоўных. У школах павышанага тыпу выкладаліся таксама граматыка, геаметрыя і элементы рыторыкі. Гільдзейскія школы былі платныя, вучыліся ў іх звычайна дзеці заможных бацькоў. Каталіцкая царква ставілася да гільдзейскай школы варожа, паколькі іх стварэнне лічыла парушэннем манаполіі царквы ў школьнай справе. З заняпадам гільдый у 15—16 ст. гільдзейскія школы перайшлі ў падначаленне гар. кіраванняў.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)